На «Тузіне Гітоў» распачаўся новы, шосты па ліку, музычны сэзон. Першы тур гіт-параду стартаваў учора ўвечары. 12-ка песьняў, што распачалі адзіны беларускамоўны сеціўны чарт абяцае стаць ці не самай цікавай за ўсю тузіноўскую гісторыю. Справа ў тым, што яе склалі песьні-удзельніцы «Перазагрузкі» – новага супольнага праекту «Тузіна Гітоў» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі»...
= «Чароўны Кролік» пераможцы беларускага адбору на дзіцячую «Эўравізію-2009» Юры Дземідовіча (пераклад песьні падрыхтавалі Сяргей Балахонаў і сам Юры Дземідовіч).
= «Бяжы» Насты Шпакоўскай і ейнага гурта Naka (пераклад Сяргея Балахонава).
= «Каханьне ня ўзьнікла» ці не самых вядомых айчынных італьянцаў з Da Vinci (беларускі варыянт тэксту «L'amore non esiste» падрыхтаваны Алесем Камоцкім).
= «У неба» хлапцоў зь «Нестандартнага варыянту» у перакладзе Сяргея Балахонава. Дарэчы гэтую песьню ўжо называлі працягам вядомага NRM-аўскага кавэру «Паветраны шар».
= «Пад купалам нябёс» – новая вэрсія вядомай кампазыцыі гурта «Стокс», тэкст якой быў перакладзены Глебам Лабадзенкам.
= «Ў сьвеце не адны» ад Atlantica — беларуская вэрсія апошняга гіта «It's Not About Us» у перакладзе Віталя Воранава. Лідэр праекту Алекс Дэвід прызнаецца, што настройваўся на запіс перачытваючы Уладзімера Караткевіча.
= «My Babe» ў беларускамоўнай электра-поп вэрсіі гурта Tanin Jazz (перакладам займаўся Віталь Воранаў).
= «Студзень» – галоўны гіт Hair Peace Salon у перакладзе Віталя Воранава.
= «Трыюмф волі» выканаўцы нігілістычнага джазу і сьпявака сюрэалістычнага гвалту Сяргея Пукста (песьню пераклаў Андрэй Хадановіч).
= «Запалкі» – колішні «фабрычны» гіт Дакоты ў перакладзе Глеба Лабадзенкі.
= «Маці» гурта «Сердце дурака» аўтарства Цімафея Яравікова.
= «Новы мост» у выканьні Сьветы Бень і гурта «Серебряная свадьба». Песьня прысьвячэньне фільму Лео Каракса «Каханкі з Новага маста» над тэкстам якой апроч аўтаркі таксама працавалі Сяргей Балахонаў і Вікторыя Дашкевіч.

Чытаць, пампаваць, слухаць, галасаваць: Гіт-парад "Тузіна Гітоў"